IX Нацыянальная філатэлістычная выстаўка «Белфіла-2017»

З 18 па 21 красавіка 2017 года запрашаем усіх жадаючых наведаць IX Нацыянальную філатэлістычную выстаўку «Белфіла-2017», прысвечаную 25-годдзю першай беларускай паштовай маркі і 950-годдзю горада Мінска.
Выстаўка арганізавана Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі «Белпошта» (далей – РУП «Белпошта»), грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз філатэлістаў» у межах XXIV Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО-2017».
У мэтах вызначэння парадку правядзення і ўмоў удзелу ў выстаўцы распрацавана Палажэнне аб IX Нацыянальнай філатэлістычнай выстаўцы «Белфіла-2017», зацверджанае Міністрам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь С.П.Папковым 14 снежня 2016 года.
Для ўдзелу ў выстаўцы «Белфіла-2017» заяўкі падалі Азербайджан, Арменія, Беларусь, Германія, Казахстан, Малдова, Польшча, Расія і Украіна.
Да філатэлістычнай выстаўкі беларуская пошта падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт «IX Нацыянальная філатэлістычная выстаўка «Белфіла-2017» і спецыяльны штэмпель «Першы дзень». У дзень урачыстага адкрыцця выстаўкі пройдзе спецыяльнае гашэнне мастацкага маркіраванага канверта.
Дадзеная выстаўка з'яўляецца своеасаблівай справаздачай аб рабоце беларускай пошты: за чвэрць стагоддзя выпушчана ў зварот каля 1200 паштовых марак і блокаў.
Беларускія паштовыя маркі маюць ярка выяўленную нацыянальную накіраванасць. Яны з'яўляюцца старонкамі летапісу, гісторыі, культуры, мастацтва пэўнай эпохі.
Асноўнай задачай IX Нацыянальнай філатэлістычнай выстаўкі «Белфіла-2017» з'яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці да пытанняў развіцця філатэліі ў рэспубліцы. Менавіта таму радуе актыўны ўдзел у выстаўцы дзяцей і моладзі: у юнацкім класе будзе прадстаўлена 21 калекцыя.
Выстаўка прадэманструе калекцыі айчынных і замежных філатэлістаў; пазнаёміць пры дапамозе філатэліі з гісторыяй Беларусі, сусветнай культурай і дасягненнямі ў розных абласцях. «Белфіла-2017» стане чарговым значным крокам у развіцці беларускай і міжнароднай філатэліі.
У Рэспубліцы Беларусь упершыню Нацыянальная філатэлістычная выстаўка праводзілася ў г. Магілёве ў 1999 годзе. За перыяд з 1999 па 2016 год адбылося 8 нацыянальных філатэлістычных выставак.
Дадатковую інфармацыю аб мерапрыемствах выстаўкі можна атрымаць на сайце РУП «Белпошта» www.belpost.by.