9 лістапада 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «25-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Румыніяй»

Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

Дызайн М.Віткоўскай.

20 снежня 1991 года Румынія прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь, а 14 лютага 1992 года былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі.
Важным напрамкам двухбаковых адносін з'яўляецца развіццё супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, якое спрыяе пашырэнню навуковых, культурных, адукацыйных, спартыўных кантактаў паміж прадстаўнікамі Беларусі і Румыніі.
У наш час рэалізуюцца сумесныя праекты ў галіне пладаводства, мікрабіялогіі, біярэсурсаў, фізічнай хіміі, тэхналогій харчовай вытворчасці, этнаграфіі.
Перспектыўнымі напрамкамі развіцця двухбаковага супрацоўніцтва з'яўляюцца машынабудаванне, трактарабудаванне, металургія, нафтахімія, вытворчасць касметыкі, дрэваапрацоўка, IT-тэхналогіі.

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Пасольствам Румыніі ў Рэспубліцы Беларусь.

Рэпрадукцыя карціны Карнеліу Баба «Адпачынак у полі» (1954) выкарыстана са згоды Грамадства сумеснага кіравання аўтарскімі правамі ў галіне візуальных творчасцяў (VISARTA).

У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».