Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіць у Беларусі

21 снежня, напярэдадні самых светлых і радасных святаў - Новага года і Каляд, - міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў разам з кіраўнікамі арганізацый сувязі наведаў Дзяржаўнае сацыяльна-педагагічную ўстанову адукацыі «Дзіцячы гарадок Ленінскага раёна г. Мінска».

Дзіцячы гарадок ўяўляе сабой новую мадэль жыццеўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей ва ўзросце ад 1 да 18 гадоў, якія засталіся без апекі бацькоў. Дзякуючы бацькам-выхавальнікам дзеці знаходзяць тут клопат і падтрымку, становяцца часткай вялікай дружнай сям'і. Умовы пражывання ў мястэчку максімальна набліжаны да сямейных.

Выхаванцы Дзіцячага гарадка падрыхтавалі для гасцей святочны канцэрт. Яркія маляўнічыя выступленні нікога не пакінулі абыякавымі. Міністр цёпла павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым Новым годам і Калядамі. Словы шчырай падзякі прагучалі ў адрас супрацоўнікаў, якія дапамагаюць дзецям знайсці свой шлях у жыцці і здабыць упэўненасць у заўтрашнім дні.

У нашай краіне асаблівая ўвага надаецца дзецям, якія засталіся ў сілу розных прычын і абставінаў без бацькоўскай любові і апекі. Дзякуючы правядзенню штогадовых дабрачынных акцый ўладкоўваецца побыт, вырашаюцца некаторыя праблемныя пытанні. Да прыкладу, з гэтага года ў Дзіцячым гарадку з'явіцца якасны доступ у сетку Інтэрнэт, адпаведны сертыфікат уручаны на свяце дырэктару ўстановы, закуплена неабходная мэбля і бытавая тэхніка. Вядома, кожнае дзіця атрымала салодкі навагодні падарунак. А дзеці ў сваю чаргу ўручылі гасцям калядныя сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Пасля святочнага канцэрта выхаванцы запрасілі гасцей на чаяванне. Стол сервіравалі самі дзеці, печыва, кексы і пірожныя, якія запоўнілі святочны стол таксама прыгатавалі дзеці.

Дзякуючы вопыту і прафесіяналізму педагогаў, бацькоў-выхавальнікаў, дапамозе дзяржавы і грамадства дзеці знаходзяць сямейнае цяпло, адчуваюць падтрымку і самае галоўнае - вераць у сябе і свае сілы.

У Новы год кожнае дзіця спадзяецца, што ўсе яго мары абавязкова спраўдзяцца, што цуды абавязкова адбудуцца наяве. Хай усё задуманае здзейсніцца!

У ролі гасцей на навагоднім свяце прысутнічалі старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў сувязі Гаўрылава Ніна Сямёнава; памочнік Міністра Аляшкевіч Наталля; начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па наглядзе за электрасувяззю Сямашка Юрый Аляксандравіч; галоўны інжынер філіяла "Мінская гарадская тэлефонная сетка" Шпак Юрый Мікалаевіч; прадстаўнік часопіса «Веснiк сувязi»; прадстаўнік з прэс-службы Белтэлекама Кацярына Дробыш.

Даведачна:
У Дзіцячым гарадку функцыянуюць 12 выхаваўчых груп з агульнай колькасцю 88 чалавек.
У аснову стварэння ўстановы пакладзены ідэі:
каштоўнасці сям'і і яе адказнасці за лёс дзіцяці;
набліжэння ўмоў асяроддзя выхавання і пражывання дзяцей да сямейных;
падтрымкі і комплекснага суправаджэння сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў.