Паштовая дзейнасць

Друкаваная версія

Паштовая сувязь
Галіна паштовай сувязі з'яўляецца неад'емнай часткай вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры Рэспублікі Беларусь і функцыянуе на яе тэрыторыі для задавальнення патрэбаў фізічных і юрыдычных асоб, органаў дзяржаўнага кіравання ў паслугах паштовай сувязі.
Да паслуг паштовай сувязі адносяцца: прыём, апрацоўка, перавозка, дастаўка (уручэнне) адрасатам адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак, паштовых грашовых пералічэнняў, адпраўленняў паскоранай пошты, прыём падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і іх дастаўка, выплата пенсій, дапамог, кампенсацый і ажыццяўленне іншых выплат.
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь у галіне паштовай сувязі ў межах сваёй кампетэнцыі:

  • ажыццяўляе адзіную дзяржаўную палітыку;
  • прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у міжнародных адносінах;
  • кіруе сеткай паштовай сувязі пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, увядзеннi надзвычайнага або ваеннага становiшча;
  • вызначае парадак арганізацыі вырабу і распаўсюджвання нацыянальным аператарам паштовай сувязi паштовых марак, маркіраваных канвертаў і маркіраваных паштовых картак, парадак вырабу і выкарыстання спецыяльеых паштовых штэмпеляў;
  • ажыццяўляе нагляд у галiне паштовай сувязі;
  • распрацоўвае і прымае нарматыўныя прававыя акты.

Дзейнасць у галіне паштовай сувязі ажыццяўляецца на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), які выдаецца Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці".
Паслугі, якія складаюць ліцэнзуемую дзейнасць у галiне паштовай сувязі, уключаюць у сябе:

  • перасылку паштовых адпраўленняў;
  • прыём падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і дастаўку друкаваных сродкаў масавай інфармацыі (альбо выбарка з названага пераліку паслуг).

Нацыянальны аператар паштовай сувязі - аператар паштовай сувязі, на якога Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ускладаюцца функцыі па абавязковаму аказанню ўніверсальных паслуг паштовай сувязі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Нацыянальны аператар паштовай сувязi мае статус прызначанага аператара для ажыццяўлення міжнароднай паштовай сувязі ў адпаведнасці з актамі Сусветнага паштовага саюза.
У адпаведнасці з загадам Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 19.10.2006 № 297 функцыі па абавязковаму аказанню ўніверсальных паслуг паштовай сувязі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ускладзены на рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта» (далей - РУП «Белпошта»). Пры гэтым РУП «Белпошта» мае спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на паслугі электрасувязі агульнага карыстання і паслугі паштовай сувязі агульнага карыстання: прадастаўленне міжнароднага тэлефоннага злучэння; прадастаўленне міжгародняга тэлефоннага злучэння; прадастаўленне мясцовага тэлефоннага злучэння; паслугі перадачы даных, паслуга IP-тэлебачання; перасылка паштовых адпраўленняў; прыём падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і дастаўка друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.
РУП «Белпошта» уключае ў сябе: 6 абласных філіялаў і вытворчасць «Мінская пошта», філіял «Вузел спецыяльнай сувязі» і аўтатранспартную вытворчасць, 91 вузел паштовай сувязі 3 305 аб'ектаў паштовай сувязі, у тым ліку 2 890 стацыянарных аддзяленняў паштовай сувязі, 193 пункта паштовай сувязі і 222 перасоўных аддзялення паштовай сувязі. Разгалінаваная сетка аддзяленняў паштовай сувязі дазваляе задавальняць патрэбы насельніцтва ў паслугах паштовай сувязі, якія ўвесь час растуць, з пералікам аказваемых паслуг РУП «Белпошта» можна азнаёміцца на сайце http://www.belpost.by. Шырока развіта ў Рэспубліцы Беларусь паслуга па перасылцы адпраўленняў паскоранай пошты «EMS». Гэта паслуга паштовай сувязі, пры якой дастаўка i ўручэнне паштовых адпраўленняў ажыццяўляецца ў магчыма кароткія тэрміны. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дадзеная паслуга аказваецца РУП «Белпошта».
У адпаведнасці з атрыманым спецыяльным дазволам (ліцэнзіяй) дзейнасць у галiне паштовай сувязі таксама ажыццяўляюць наступныя аператары паштовай сувязі:

па перасылцы паштовых адпраўленняў: ЗАО «НАША ПОЧТА», ООО «ГлоБел 24», ООО «Автолайтэкспресс», ИООО «ДПД Бел», ООО «СДЭК-Бел», ООО «КурьерБай», ООО «Росчерк»;

па прыёме падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі: РУП «Белсаюздрук», ТАА «Лагода-Інфа», ТАА «Агенцтва Уладзіміра Граўцова»;

па дастаўцы друкаваных сродкаў масавай інфармацыі: установа «Рэдакцыя газеты «Лунінецкія навіны», ДУ «Рэдакцыя газеты «Жодзiнскiя навiны» і праграма радыёвяшчання «Радыё Жодзіна», ЗАТ «Наша пошта»;

па прыёме падпіскі на друкаваныя сродкі масай інфармацыі і дастаўцы друкаваных сродкаў масавай інфармацыі: ТАА «Граўцоў Паблішэр», РУП «Віцебскаблсаюздрук», УП «Брэстаблсаюздрук», ААТ «Магілёўсаюздрук», УП "Гомельаблсаюздрук".
За павышэнне ўзроўню якасці паслуг паштовай сувязі Рэспубліка Беларусь удастоена наступных прэстыжных міжнародных узнагарод:
у 2006 годзе Сертыфікат «Срэбранага ўзроўню» у адпаведнасці з Праграмай кантролю і ацэнкі якасці кааператыва EMS Сусветнага паштовага саюза;
у 2007 годзе Сертыфікат у галіне кіравання якасцю міжнароднай паштовай службы Міжнароднага Бюро СПС узроўню А ( «залатога»);
у 2011 годзе другое месца па ўзроўні развіцця электронных паштовых паслуг;
у 2012 годзе Сертыфікат «Залатога ўзроўню» у адпаведнасці з Праграмай кантролю і ацэнкі якасці кааператыва EMS Сусветнага паштовага саюза па выніках работы за 2011;
у 2013 годзе Сертыфікат S42 Сусветнага паштовага саюза, які пацвярджае міжнародны стандарт адрасавання S42. Стандарт S42 з'яўляецца неабходным умовай для эфектыўнай паштовай эксплуатацыі і для ўзаемадзеяння ў сусветнай паштовай сетцы;
у 2014 годзе Сертыфікат «Бронзавага ўзроўню» у праграме кантролю і ацэнкі якасці работы кааператыва EMS па выніках работы за 2013 год.
Развіццё паштовай сувязі ў Рэспубліцы Беларусь будзе ажыццяўляцца ва ўмовах узмацнення канкурэнцыі, абумоўленай лібералізацыяй унутранага рынку паштовых паслуг і істотным змяненнем міжнароднага паштовага рынку ў сувязі з глабальным развіццём інфармацыйнага грамадства, выцясненнем традыцыйных формаў дастаўкі дакументаў і тавараў, развіццём дзейнасці транснацыянальных сеткавых лагістычных кампаній.
У якасці асноўных напрамкаў развіцця паштовага сектара ў Рэспубліцы Беларусь вылучаныя:
- Развіццё новых камерцыйных кірункаў - паштовай лагістыкі і кур'ерскіх паслуг на аснове ўкаранення інавацыйных маркетынгавых, транспартных і складскіх тэхналогій, далейшае развіццё супрацоўніцтва з айчыннымі таваравытворцамі ў сегменце электроннай камерцыі;
- Удасканаленне якасці аказання паслуг паштовай сувязі ў традыцыйным сегменце на аснове ўкаранення лічбавых тэхналогій, рэінжынірынга бізнэс-працэсаў і аптымізацыі сеткавай інфраструктуры.