16 ліпеня 2025 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне тры паштовыя маркі на тэму «Гродзеншчына» з серыі «Беларускі край». Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце. Дызайн С. Цырулік. Фота С. Плыткевіча, М. Байды. Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна». Гродзенская вобласць – самая маленькая па тэрыторыі з шасці абласцей Беларусі. Размешчана на захадзе краіны. Абласны цэнтр – горад Гродна. Рэгіён актыўна развіваецца, захоўваючы пры гэтым сваю самабытнасць і традыцыі. Гродзеншчына – архітэктурная жамчужына Беларусі. Старадаўнія замкі, у тым ліку каралеўскія, старажытныя храмы, манастыры і радавыя сядзібы – усё гэта робіць Гродзенскую вобласць асабліва прыцягальнай для турыстаў з Беларусі і замежжа. Гісторыка-культурная спадчына вобласці гарманічна спалучаецца з дзіўнай прыродай: лясістыя ўзгоркі, даліны рэк, запаведнікі і нацыянальныя паркі захапляюць сваёй прыгажосцю. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам. У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 25 Гродна будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень». Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў. PDF