НАВІНЫ ФІЛАТЕЛІІ: з серыі «Птушкі Беларусі»

4 сакавіка 2025 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Вялікі грыцук» з серыі «Птушкі Беларусі».

Мастак А. Міцянін. Дызайн М. Крэзо.

Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц. Непагодзіна».

Вялікі грыцук – буйны кулік з сямейства бакасавых. Гняздуецца на вільготных лугах, па берагах азёр і на травяністых балотах ад Ісландыі да Далёкага Усходу. У Беларусі від уключаны ў Чырвоную кнігу.
Да размнажэння птушкі прыступаюць ва ўзросце двух гадоў. Другое лета яны могуць праводзіць на зімоўках ці недалёка ад іх. Птушкі з Беларусі зімуюць у Афрыцы на поўдзень ад Сахары: у Нігерыі, Малі, Камеруне і Чадзе.
Сілкуюцца воднымі і наземнымі насякомымі, дробнымі ракападобнымі, малюскамі, чарвякамі і апалонікамі. На пралёце і ў месцах зімовак спажываюць ягады і насенне.

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Да выпуску падрыхтавана картка для картмаксімума.