Місувязі выпускае ў абарачэнне паштовы блок «100 гадоў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі»

Друкаваная версія
08.09.2022

15 верасня 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «100 гадоў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі».

Дызайн Марыны Віткоўскай. У аснове блока – помнік Францыску Скарыне ў Мінску (скульптар Аляксандр Дранец).

Блок друкаваўся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

Аддрукаваны таксама без перфарацыі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі – галоўная бібліятэка краіны, каардынацыйны і метадычны цэнтр бібліятэк Беларусі, рэспубліканскі інфармацыйны, навукова-даследчы і сацыякультурны цэнтр.
Заснавана ў 1922 годзе як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Першапачаткова знаходзілася ў Юбілейным доме па вуліцы Захар’еўскай, затым на Чырвонаармейскай вуліцы. Новы будынак бібліятэкі на праспекце Незалежнасці адчыніў свае дзверы для чытачоў 16 чэрвеня 2006 года.

Нацыянальная бібліятэка – гэта не толькі найбагацейшы збор кніг, які налічвае больш за 10 мільёнаў дакументаў, але і шматфункцыянальны цэнтр, дзе аб’ядналіся высокія тэхналогіі, сучасны дызайн і незвычайная архітэктура будынка. Ва ўстанове ўпершыню ў рэспубліцы ўсталявана аўтаматызаваная сістэма дастаўкі літаратуры з фондасховішча – тэлеліфт. Тут створаны найбольш спрыяльныя ўмовы для захавання кніг і абслугоўвання карыстальнікаў.

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».