13 лютага адзначаецца Сусветны дзень радыё

Упершыню Сусветны дзень радыё адзначылі ў 2012 годзе, а рашэнне аб яго правядзенні ЮНЕСКА прыняла ў 2011-м. Дата правядзення выбрана не выпадкова - менавіта 13 лютага 1946 года ўпершыню выйшла ў эфір «Радыё ААН», якое размяшчалася ў штаб-кватэры Арганізацыі аб'яднаных нацый.

Асноўная ідэя свята - аддаць належнае радыё як сродку сувязі, умацаваць міжнароднае супрацоўніцтва радыёвяшчальных кампаній, а таксама спрыяць пашырэнню доступу да інфармацыі і свабодзе выказвання меркаванняў на хвалях радыё.

Радыё па-ранейшаму застаецца запатрабаваным сродкам распаўсюджвання і атрымання інфармацыі.

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь 421 радыёвяшчальны перадатчык дыяпазону вельмі высокіх частот забяспечвае эфірную трансляцыю гукавых праграм: «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё», «Радыёканал Культура», «Радыус-FM», «Сталіца» і іншых праграм (уключаючы абласныя, рэгіянальныя і камерцыйныя праграмы ).

Для атрымання своечасовай iнфармацыi аб грамадска-палітычным жыцці краіны арганізавана кругласутачная эфірная трансляцыя гукавой праграмы «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё», прыём якой даступны на ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Вяшчанне дадзенай гукавой праграмы ажыццяўляецца таксама ў складзе абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм па стандарце DVB-T.

Развіццё радыёвяшчання пастаянна ўдасканальваецца з улікам уаранення перадавых тэхналогій, уключаючы доступ у глабальную сетку Інтэрнэт і наяўнасць сучасных гаджэтаў у насельніцтва.

Сусветнай тэндэнцыяй у развіцці лічбавага гукавога вяшчання з'яўляецца ўкараненне сетак стандарту DAB+. Для забеспячэння магчымасці ўкаранення стандарту DAB+ на тэрыторыі рэспублікі на працягу года будзе вывучаны сусветны вопыт укаранення лічбавага гукавога вяшчання і распрацаваны частотна-тэрытарыяльны план для трох мультыплексаў лічбавага гукавога вяшчання ў дыяпазоне 174-230 Мгц.