Мінсувязі выпускае ў абарачэнне пяць паштовых марак на тэму «Дзятлападобныя» з серыі «Птушкі Беларусі»

24 мая 2022 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне пяць паштовых марак на тэму «Дзятлападобныя» з серыі «Птушкі Беларусі».

Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце.

Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай.

Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

У Беларусі можна ўбачыць усе 10 відаў дзятлаў, якія сустракаюцца на еўрапейскім кантыненце.
На марках прадстаўлены некаторыя з іх.
Жоўтагаловы дзяцел – адзін з самых дробных нашых дзятлаў. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Часта сустракаецца ў Віцебскай вобласці.

Круцігалоўка атрымала сваю назву за звычку ў выпадку небяспекі імітаваць паводзіны змяі: шыпець, выцягваць шыю і круціць галавой. Адзіны від з нашых дзятлаў, які ляціць на зімоўку.

Малога дзятла лёгка пазнаць па памеры: ён крыху большы за вераб'я. У гнездавы сезон аддае перавагу поймам малых рэк, парослым ліставымі пародамі, а таксама мяшаным лясам каля забалочаных участкаў.

Сярэдняму дзятлу для жыцця патрэбны ліставыя пароды дрэў, можа гняздзіцца ў гарадскіх парках.

Сівая жаўна атрымала сваю назву дзякуючы шэрай афарбоўцы галавы. Яе можна ўбачыць у вёсках, размешчаных недалёка ад ліставога ці мяшанага лесу, там яна харчуецца ў садах.

На купоне малога ліста – чорная жаўна – самы буйны з нашых дзятлаў. Сустрэць гэты від можна ў самых розных месцах, у тым ліку ў лесапарках на ўскраінах вялікіх гарадоў.

На канверце Першага дня – вялікі дзяцел – самы распаўсюджаны від дзятлаў, прыгожая і вельмі стракатая птушка. Сустракаецца ва ўсіх тыпах лясоў, а таксама ў населеных пунктах.

У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Да выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў.