Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Млекакормячыя

27 красавіка 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі серыі «Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Млекакормячыя».

Маркі друкаваліся ў адным марачным лісце.

Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай.

Маркі друкаваліся ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

Звычайны хамяк – лесастэпавы від грызуноў. Вядзе начны лад жыцця, вясной і восенню актыўны і днём. Зімоўку праводзіць у стане зімовага сну ў норах. Перыядычна прачынаецца і падкормліваецца насеннем культурных і дзікіх злакаў.

Гарнастай вядзе пераважна адзіночны, тэрытарыяльны лад жыцця. Актыўны часцей у змрочна-начныя гадзіны, часам сустракаецца і днём. Селіцца непадалёку ад вады. Упершыню ўключаны ў 4-е выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Барсук вядзе аселы і як бы паўпадземны лад жыцця. Большую частку жыцця праводзіць у норах. На зіму звер упадае ў спячку, прачынаецца і выходзіць на паверхню ранняй вясной пры цёплым надвор'і.

Буры мядзведзь самы буйны прадстаўнік атрада драпежных у Еўропе. Пасяляецца толькі ў буйных лясных масівах. Вядзе адзіночны лад жыцця. Актыўны ў змрочны і начны час. Спецыфічнай асаблівасцю біялогіі мядзведзя з’яўляецца зімовая спячка.

У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».