Цырымонія афіцыйнага гашэння паштовай маркі «25-годдзе стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў».

Друкаваная версія
31.08.2016

30 жніўня 2016 года, у будынку Выканкама СНД адбылася цырымонія афіцыйнага гашэння паштовай маркі «25-годдзе стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў».

Мастацкай асновай паштовай маркі, спецыяльнага штэмпеля і канверта «Першы дзень» стала эмблема СНД, а таксама выява будынка Выканаўчага камітэта. Дызайн праекта Таццяны Кузняцовай.

У цырымоніі афіцыйнага гашэння прынялі ўдзел:

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Кыргызскай Рэспублікі пры статутных і іншых органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў — Кубанычбек Касымавіч Амураліеў;

Старшыня Выканаўчага камітэта — Выканаўчы сакратар СНД — Сяргей Мікалаевіч Лебедзеў;

Намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь — Наталля Міхайлаўна Гардзеенка.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ужо выпускала паштовыя маркі, прымеркаваныя да важных дат у дзейнасці Садружнасці:

12 ліпеня 2001 года — паштовая марка «10-годдзе стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў».

18 лютага 2009 года — паштовая марка «Будынак Выканаўчага камітэта Садружнасці Незалежных Дзяржаў».

28 чэрвеня 2011 года — паштовая марка «20 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў».

30 мая 2013 года — паштовая марка «Старшынства Рэспублікі Беларусь у Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2013 г.».

СНД служыць развіццю і ўмацаванню сяброўства, добрасуседства, міжнацыянальнай згоды, даверу, паразумення і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. Паштовы выпуск «25-годдзе стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў» падкрэсліць значнасць і запатрабаванасць гэтай арганізацыі.