Мінсувязі выпускае ў абарачэнне памятны спецштэмпель для правядзення спецыяльнага памятнага гашэння, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне памятны спецштэмпель, які будзе выкарыстоўвацца 3 лістапада 2022 года для правядзення спецыяльнага памятнага гашэння, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.

Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, нар. 22.10. (03.11.) 1882, засценак Акінчыцы (цяпер мкр-н у г. Стоўбцы Мінскай вобласці) – 13.08.1956) – беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч.

Адзін з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы. Творы пісьменніка перакладзены на многія замежныя мовы.

Да гэтай падзеі РУП «Белпошта» падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт з літарнай маркай «А».

Дызайн спецштэмпеля і канверта А. Мядзведзь.