Выпускаецца ў абарачэнне паштовая марка «Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў жывапісе Беларусі і Кітая»

24 верасня 2020 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў жывапісе Беларусі і Кітая».

Дызайн А.Мядзведзь.

Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

У кастрычніку 1988 года Беларусь далучылася да Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. І сёння ўжо 4 аб'екты нашай краіны ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сярод іх – пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя замкавы комплекс «Мір», намаляваны на карцінах У Вэйшаня «Запаведны замак» (на купоне і канверце Першага дня) і «Свяшчэнны замак» (на марцы). Уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2000 годзе.

У аснове маркі таксама карціна мастака Уладзіміра Кожуха «Тая, што малюе горы». У творы намаляваны кітайскія горы Уішань, якія былі ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў снежні 1999 года.

Праект падрыхтаваны па матэрыялах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага мастацкага музея Кітая.

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».