22 кастрычніка для Рэспублікі Беларусь уступае ў сілу Маракешскі дагавор аб палягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку ці іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў

Друкаваная версія
06.08.2020

22 кастрычніка 2020 г для Рэспублікі Беларусь уступае ў сілу Маракешскі дагавор аб палягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку ці іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў (далей - Маракешскі дагавор).

Органам, адказным за каардынацыю дзейнасці па рэалізацыі Маракешскага дагавора, з'яўляецца Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь.

Дзеянне Маракешскага дагавора распаўсюджваецца на аб'екты аўтарскага права - творы навукі, літаратуры, мастацтва, існуючыя ў форме тэксту, нотазапісу або звязаных з імі ілюстрацый, ці апублікаваныя ці іншым чынам даведзеныя да ўсеагульнага ведама з дапамогай любых сродкаў інфармацыі, у тым ліку кнігі ў папяровым і электронным фармаце, аўдыёкнігі, а таксама звязаныя з творамі аб'екты сумежных правоў, у тым ліку выкананні і фанаграмы (гуказапісы), што дазволіць зрабіць творы больш даступнымі.

Значэнне. Далучэнне да Маракешскага дагавора дазволіць палегчыць доступ да твораў і іх выкарыстанне асобам з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю, у тым ліку сляпым, асобам з парушэннямі зроку, асобам, якія перажываюць праблемы з чытаннем, уключаючы дыслексію, а таксама фізічныя праблемы, якія ўключаюць у сябе немагчымасць ўтрымліваць кнігу або абыходзіцца з ёй, факусаваць або рухаць вачыма звычайным чынам, у тым ліку цэрэбральны параліч, рухальныя і нейрадэгенератыўныя захворванні.

Рэалізацыя Маракешскага дагавора накіравана на забеспячэнне магчымасці гэтай катэгорыі грамадзян удзельнічаць ў культурным жыцці грамадства, атрымліваць асалоду ад мастацтва, рэалізоўваць права на адукацыю і магчымасці правядзення навуковых даследаванняў. Далучэнне Рэспублікі Беларусь да гэтага дагавора спрыяе развіццю інтэлектуальнага і працоўнага патэнцыялу, а таксама ў цэлым сацыяльнай інтэграцыі і павышэнню якасці жыцця названай катэгорыі грамадзян.

Асноўныя палажэнні. Маракешскі дагавор прадугледжвае магчымасць правамернага вырабу і распаўсюджвання асобнікаў твораў у даступных фарматах для асоб з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю без атрымання дазволу аўтара ці іншага праваўладальніка.
Пад даступным фарматам разумеецца фармат, які забяспечвае асобам з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю такі ж рэальны і зручны доступ, як і асобам без падобных абмежаванняў успрымання друкаванай інфармацыі. Пры гэтым зробленыя ў даступным фармаце асобнікі павінны захоўваць цэласнасць арыгінальнага твора з улікам патрэбаў такой катэгорыі асоб і змяненняў, неабходных для таго, каб зрабіць твор даступным для іх.

На ажыццяўленне дзеянняў, непасрэдна накіраваных на выраб і распаўсюджванне твораў у даступных фарматах, у Рэспубліцы Беларусь упаўнаважаны бібліятэкі, установы адукацыі і грамадскія аб'яднанні інвалідаў, якія аказваюць на некамерцыйнай аснове паслугі ў сферы адукацыі або доступу да інфармацыі асобам з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць візуальную інфармацыю. Акрамя таго, іншыя зацікаўленыя могуць быць ўпаўнаважаны на ажыццяўленне названых дзеянняў пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Маракешскім дагаворам таксама прадугледжана магчымасць правамернага экспарту ўпаўнаважанымі органамі асобнікаў твораў у даступных фарматах для гэтай катэгорыі грамадзян, а таксама права такіх асобаў і ўпаўнаважаных органаў на імпарт твораў у даступных фарматах без атрымання дазволу аўтара ці іншага праваўладальніка ў мэтах трансгранічнага абмену такімі экземплярамі.

Рэалізацыі Мараешскага дагавора, а таксама рэалізацыі правоў асоб з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю, будзе спрыяць ўступленне бібліятэк, устаноў адукацыі і грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў у Кансорцыум даступных кніг (ABC), дзейнасць якога накіравана на забеспячэнне распаўсюджвання ва ўсім свеце кніг у даступным фармаце, у тым ліку выкананыя шрыфтам Брайля, у аўдыёфармаце і надрукаваных буйным шрыфтам.

Рэалізацыя палажэнняў Маракешскага дагавора будзе садзейнічаць узбагачэнню фондаў бібліятэк, устаноў адукацыі і грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў творамі ў спецыяльных даступных фарматах, ўдасканаленні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы для мэтаў адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі асоб з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю.

Крыніца: Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях