Выпускаецца ў абарачэнне паштовы блок «Афанасій Брэсцкі» з серыі «Выбітныя асобы Беларусі»

18 верасня 2020 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовы блок «Афанасій Брэсцкі» з серыі «Выбітныя асобы Беларусі».

Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Брэсцкай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы.

У аснове маркі - партрэт святога Апанаса Брэсцкага (А.Кашкурэвіча, літаграфія, 1993). Дызайн паштовай прадукцыі Алены Мядзведзь.

У дзень выпуску паштовага блока ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 10 Брэста будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Афанасій Брэсцкі - беларускі грамадскі, палітычны і царкоўны дзеяч, пісьменнік і публіцыст. Ігумен Свята-Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. Аўтар «Дыярыуша» - аднаго з першых літаратурных твораў аўтабіяграфічнага жанру і адзінай палемічнай аўтабіяграфіі ў беларускай літаратуры. Афанасій Брэсцкі лічыцца адным з апошніх прадстаўнікоў праваслаўнага напрамку ў палемічнай літаратуры таго часу, у чыіх творах ёсць цікавыя звесткі аб сучаснай аўтару царкоўнай гісторыі беларускіх зямель.

Інфармацыйны лісток з больш падрабязнай інфармацыяй пра гэтую паштовую прадукцыю па спасылцы: https://www.belpost.by/philately/infolists/3154