У Рэспубліцы Беларусь сетка паштовай сувязі налічвае больш за чатыры тысячы аб'ектаў паштовай сувязі

Друкаваная версія
28.01.2021

Сёння ў Рэспубліцы Беларусь сетка паштовай сувязі налічвае 4264 аб'екты паштовай сувязі.

Спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на аказанне паслуг паштовай сувязі агульнага карыстання маюць 24 аператары паштовай сувязі, з іх:

на перасылку паштовых адпраўленняў - 15;

на прыём падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі - 2;

на дастаўку друкаваных сродкаў масавай інфармацыі - 2;

на прыём падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і дастаўку друкаваных сродкаў масавай інфармацыі - 3;

на перасылку паштовых адпраўленняў і дастаўку друкаваных сродкаў масавай інфармацыі - 1;

на перасылку паштовых адпраўленняў, прыём падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і дастаўку друкаваных сродкаў масавай інфармацыі – 1.

У цяперашні час рынак паслуг паштовай сувязі ў Рэспубліцы Беларусь лібералізаваны і дынамічна развіваецца.

У рэйтынгу індэкса паштовага развіцця (Integrated Index for Postal Development) Сусветнага паштовага саюза за 2020 год Рэспубліка Беларусь заняла 20 месца сярод 170 краін свету (у 2019 годзе Беларусь займала 21-е месца сярод 172 краін свету).

У Рэспубліцы Беларусь з 3 студзеня 2021 года функцыянуе нацыянальная паштовая электронная сістэма. Дадзеная сістэма дазволіць пашырыць наменклатуру электронных паштовых паслуг, якія прадастаўляюцца карыстальнікам паштовай сувязі, прадаставіць сучасны лічбавы сэрвіс па адпраўцы і атрыманні пісьмовай карэспандэнцыі, павысіць якасць абслугоўвання карыстальнікаў, дазволіць аказваць паслугі паштовай сувязі ў анлайн-рэжыме незалежна ад геаграфічнага месцазнаходжання карыстальніка, а таксама скароціць тэрміны перасылкі паштовых адпраўленняў і інш.

У мэтах стварэння ў сельскіх населеных пунктах умоў жыццядзейнасці, якія б не ўступалі  гарадскім, а таксама для максімальнага набліжэння паслуг паштовай сувязі і іншых паслуг насельніцтву, што пражывае ў сельскай мясцовасці, з 3 лістапада 2020 года распачата паэтапнае маштабаванне праекта «Мабільны паштальён» у абласных філіялах і вытворчасці «Мінская пошта». З выкарыстаннем апаратна-праграмнага комплексу «Мабільны паштальён» ажыццяўляецца аказанне паслуг паштальёнамі па дастаўцы паштовых адпраўленняў і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ў аб'ектах паштовай сувязі гарадоў і іх раёнаў, якія з'яўляюцца патэнцыяльнымі цэнтрамі эканамічнага росту (Баранавічы, Пінск, Орша, Наваполацк, Полацк, Мазыр, Ліда, Барысаў, Салігорск, Маладзечна, Бабруйск), i ў iншых аб'ектах паштовай сувязі сельскай мясцовасці і г. Мінска.

Працягваецца пашырэнне сеткі і функцыянальных магчымасцей паштаматаў (прылад самаабслугоўвання), што дазволіць развіць дадатковы кругласутачны канал атрымання паштовых паслуг, павысіць узровень абслугоўвання кліентаў і скараціць час чакання паштовых адпраўленняў, якія  рэгіструюцца пры атрыманні. Сетка паштаматаў Рэспублікі Беларусь складае 30 адзінак.

Тэрміны перасылкі вытрымліваюцца для 95 % паштовых адпраўленняў.

За павышэнне ўзроўню якасці паслуг паштовай сувязі Рэспубліка Беларусь удастоена наступных прэстыжных узнагарод:

  • Сертыфікат S42 Сусветнага паштовага саюза, які пацвярджае міжнародны стандарт адрасацыі;
  • Міжнародны сертыфікат «Сярэбранага ўзроўню» па паказчыках работы EMS за 2018;
  • Узнагарода EMS за 2019 у вобласці абслугоўвання кліентаў;
  • Міжнародная ўзнагарода Фонду паляпшэння якасці службы Сусветнага паштовага саюза за лепшую рэалізацыю праекта «Удзел у Глабальнай сістэме маніторынгу СПС (ГСМ) – перыяд 2017–2018 гг.»;
  • Сертыфікат за 6 месца па выніках штогадовага Сусветнага конкурсу марак «Вялікі прыз Выстаўкі WIPA» у 2018 годзе за паштовы блок «Беларуская Праваслаўная Царква. 1025-годдзе Полацкай епархіі»;
  • Сярэбраны медаль і сертыфікат па выніках правядзення Сусветнай выстаўкі марак «Bandung-2017» за кнігу «Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь 2015 года».