Новы паштовы блок "100-годдзе беларускай міліцыі» выйшаў у абарот 24 лютага

Сёння, 24 лютага адбылася прэзентацыя паштовага праекта «100 гадоў беларускай міліцыі». Сімвалічна, што ўрачыстая цырымонія спецыяльнага гашэння прайшла ў будынку Міністэрства ўнутраных спраў, малюнак якога стаў мастацкай асновай адной з марак.

Паштовы блок цікавы тым, што прадстаўлены незвычайнымі маркамі круглай і рамачнай перфарацыі. Пры вырабе выкарыстаны сучасныя тэхналогіі - тэрмічнае цісненне металізаванай фальгой залатога колеру. Выпуск паштовага блока стаў падарункам да векавога юбілею беларускай міліцыі. 4 сакавіка 1917 года грамадзянскі камендант г. Мінска падпісаў загад, згодна з якім М.В.Фрунзе прызначаўся часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага земскага саюза па ахове парадку ў горадзе.

У цырымоніі афіцыйнага гашэння прынялі ўдзел:
Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Папкоў;
Міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант міліцыі Ігар Шуневіч.

Сяргей Папкоў, адзначыў, што выданне марак - гэта адзін з аспектаў папулярызацыі нашай дзяржавы ў свеце. «Так што спадзяюся, што 15 тысяч экзэмпляраў, якія разыдуцца па ўсім свеце, яшчэ раз распавядуць аб нашай краіне".

«Нам вельмі спадабалася гэтая ідэя, і яшчэ больш спадабалася яе выкананне. Марка, на якой намалявана Міністэрства ўнутраных спраў, як сказаў міністр, разляціцца па ўсім свеце. У нас з'явіўся чарговы спосаб ганарыцца гэтай падзеяй, данесці яго да многіх-многіх людзей. У тым ліку і тых, хто займаецца філатэліяй», - сказаў Ігар Шуневіч.

Паштовы праект, які складаецца з паштовага блока, канверта «Першы дзень» і спецыяльнага памятнага штэмпеля, падрыхтаваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі «Белпошта» у цесным узаемадзеянні з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Ужо сёння новы выпуск дзяржаўнага знака паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь разляціцца на паштовых адпраўленнях па ўсім свеце і трапіць у альбомы айчынных і замежных філатэлістаў.