Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Чорнагаловы шчыгол» з серыі «Птушка года»

27 сакавіка 2018 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне паштовую марку «Чорнагаловы шчыгол» з серыі «Птушка года».

Мастак А.Міцянін. Дызайн М.Віткоўскай.

Марка друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Ц.Непагодзіна».

Рашэннем XX З'езда грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» птушкай 2018 года абраны чорнагаловы шчыгол.

Чорнагаловы шчыгол распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гняздуецца на лясных узлесках, алеях, у парках, скверах, садах і дачных пасёлках. Харчуецца пераважна насеннем, у тым ліку насеннем дзядоўніку, палыну і алешыны. Птушанят дарослыя птушкі выкормліваюць галоўным чынам насякомымі і павукамі, якіх збіраюць як на дрэвах, так і на зямлі.
Зімой шчыглы сустракаюцца на розных пустках, агародах і кветніках ля жылля, трымаюцца чародамі. Чароды невялікія: складаюцца з 5–10 птушак, рэдка – з 30, у красавіку разбіваюцца на асобныя пары.
Колькасць чорнагаловага шчыгла ў Беларусі стабільная і ацэньваецца ў 180–200 тыс. пар.

Марка падрыхтавана пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Марка друкавалася з эмблемамі сусветнай асацыяцыі прыродаахоўных арганізацый па абароне птушак «BirdLife International» і беларускай грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 Мінска (магазін «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».

Да выпуску падрыхтавана картка для картмаксімуму.
Падрабязней на сайце РУП "Белпошта"